У Мінпрацы расказалі аб сацыяльнай абароне пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС
Фота з архіва
26 красавіка, Мінск . Удзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС аказваецца сацыяльная падтрымка, якая залежыць ад часу іх удзелу ў работах і ўзроўню радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, на якой праводзіліся такія работы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Для ліквідатараў, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, сталі інвалідамі ў выніку катастрофы на ЧАЭС, і для тых, хто ўдзельнічаў у работах па ліквідацыі ў зоне эвакуацыі (адчужэння) прадастаўляюцца найбольш значныя льготы.
У працоўных адносінах
Ліквідатарам, якія хварэлі на прамянёвую хваробу, выкліканую аварыяй на ЧАЭС або іншымі радыяцыйнымі аварыямі, інвалідам у выніку катастрофы на ЧАЭС прадастаўляецца пераважнае права застацца на рабоце пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў. Таксама яны могуць на 14 дзён у годзе пайсці ў сацыяльны водпуск без захавання заработнай платы. А водпуск ім прадастаўляецца ў летні або іншы зручны час па іх жаданні.
Такая ж гарантыя прадугледжана для работнікаў, якія эвакуіраваны, адселены, самастойна выехалі з тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання з зоны эвакуацыі (адчужэння), зоны першачарговага адсялення і зоны далейшага адсялення, за выключэннем асоб, якія прыбылі туды пасля 1 студзеня 1990 года.
Акрамя таго, для асоб, якія пражываюць (працуюць) на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, прадугледжаны 35-гадзінны рабочы тыдзень, павышаныя сутачныя для часова накіраваных або камандзіраваных, павялічаная працягласць працоўнага водпуску (без уліку дадатковага водпуску за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы). Так, для працуючых у зонах эвакуацыі (адчужэння), першачарговага адсялення і далейшага адсялення працоўны водпуск складзе 44 каляндарныя дні, для працуючых у зонах з правам на адсяленне — 37 каляндарных дзён. Пры гэтым водпуск па цяжарнасці і родах жанчынам прадастаўляецца з 27 тыдняў цяжарнасці працягласцю 146 каляндарных дзён (у выпадку ўскладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 160 каляндарных дзён) незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў.
Для некаторых катэгорый работнікаў прадугледжана таксама аднаразовая выплата. Медыцынскім, фармацэўтычным работнікам, работнікам культуры, педработнікам і іншым спецыялістам устаноў адукацыі, спецыялістам сельскай гаспадаркі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спецыялістам, якія ажыццяўляюць ветэрынарную дзейнасць, работнікам і спецыялістам сістэмы спажывецкай кааперацыі, спецыялістам і кіраўнікам спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, якія заключылі кантракт пасля 31 снежня 2012 года пры заключэнні першага кантракта тэрмінам на 5 гадоў на работу ў арганізацыях, размешчаных у зонах з правам на адсяленне і далейшага адсялення, выплачваецца 200 базавых велічынь (1 БВ — Br37). Пры заключэнні другога кантракта тэрмінам на 5 гадоў пасля работы на ўмовах першага пяцігадовага кантракта — 300 базавых велічынь (1 БВ — Br37).
Падтрымка сем’яў з дзецьмі
Сем’ям, якія пражываюць у населеным пункце, што знаходзіцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў зоне далейшага адсялення або зоне з правам на адсяленне, можа выплачвацца дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў у памеры 150 працэнтаў ад устаноўленай. Павышаную дапамогу назначаць, калі асоба, якая ажыццяўляе догляд дзіцяці, пастаянна (пераважна) пражывае на гэтай тэрыторыі і мае рэгістрацыю па месцы жыхарства. Або калі ў яе ёсць пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, якое дае права на льготы.
Пенсійнае забеспячэнне
На 10 гадоў раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў Беларусі могуць выходзіць на пенсію ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, асобы, якія прымалі ўдзел у работах у межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе або не менш за 10 сутак у 1987 годзе, а таксама людзі, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, інваліды ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
На 5 гадоў раней могуць выходзіць на пенсію ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, якія ў 1986-1987 гады былі заняты на работах у межах зоны эвакуацыі або адчужэння (акрамя занятых у 10-кіламетровай зоне), пры наяўнасці інваліднасці (незалежна ад прычыны).
Акрамя таго, інвалідам у выніку калецтва або захворвання, выкліканага катастрофай на ЧАЭС, і сем’ям, якія страцілі карміцеля па гэтых жа прычынах, у выглядзе пенсій кампенсуецца страчаны ў сувязі з інваліднасцю або стратай карміцеля заработак (даход).
У якасці даплат да пенсій інвалідам у выніку калецтва або захворвання, выкліканага катастрофай на ЧАЭС, устаноўлены надбаўкі ад Br43 да Br85 (на красавік 2023 года). Для ліквідатараў у залежнасці ад часу і зоны іх удзелу, а таксама для адселеных з зон эвакуацыі (адчужэння), першчарговага адсялення і далейшага адсялення і асоб, якія самастойна пакінулі гэтыя зоны пасля катастрофы, прадугледжаны павышэнні ад Br21 да Br43. На сацыяльную пенсію ў павышаных памерах маюць права інваліды ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і дзеці, якія страцілі карміцеля ў выніку калецтва або захворвання, выкліканага катастрофай на ЧАЭС.
Для асоб, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, выкліканую наступствамі катастрофы, прадугледжаны шэраг дзяржаўных сацыяльных ільгот. Сярод іх скідка ў памеры 90 працэнтаў на лякарствы, бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, забеспячэнне іншымі тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне, бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным грамадскім транспарце, а таксама скідка ў памеры 50 працэнтаў на плату за жыллёва-камунальныя паслугі (прадастаўляецца людзям, якія не маюць працаздольных членаў сям’і).