Спадчына для будучых пакаленняў. Беларускія артысты высадзілі ў «Хатыні» каля тысячы маладых ялін
У апошні дзень красавіка ў «Хатыні» было асабліва шматлюдна. Работнікі культуры і беларускія артысты вырашылі першымі далучыцца да ініцыятывы кіраўніка дзяржавы, які на рэспубліканскім суботніку прапанаваў неабыякавым беларусам добраўпарадкаваць «Хатынь». Дзеячы культуры ўнеслі свой уклад у азеляненне мемарыяльнага комплексу, высадзіўшы каля тысячы саджанцаў ялін. Аб тым, як праходзіла акцыя ў «Хатыні», у матэрыяле карэспандэнта БЕЛТА.
Удзельнікам акцыі садзейнічала нават надвор’е. У Беларусі нарэшце запанавала вясна. Сонечная і амаль бязветраная нядзельная раніца вельмі падыходзіць для работы на свежым паветры. Артысты сталі збірацца на тэрыторыі «Хатыні» задоўга да пачатку акцыі. Нават нягледзячы на выхадны дзень і вялікі графік выступленняў, беларускія музычныя выканаўцы з вялікім энтузіязмам успрынялі ідэю аб добраўпарадкаванні гэтага свяшчэннага месца гістарычнай памяці.
Заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха прыехаў у «Хатынь» літаральна з гастролей: «Мне патэлефанавалі некалькі дзён таму і прапанавалі далучыцца да акцыі. Але калі краіна кліча, клічуць людзі — трэба ісці, значыць ты запатрабаваны, патрэбны. Я думаю, у такім святым месцы абавязкова трэба пасадзіць дрэвы. Гэта ж застанецца ў памяці на ўсё жыццё. Можна будзе расказаць пра гэта дзецям і ўнукам».
Разам з артыстамі дрэвы на тэрыторыі «Хатыні» прыехалі высадзіць намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр культуры Анатоль Маркевіч, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Яны ўшанавалі памяць ахвяр нацысцкіх захопнікаў. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да помніка Няскоранаму чалавеку і да Вечнага агню. Трагедыя Хатыні — гэта незагойная для беларусаў рана, а таму кожнае наведванне мемарыяльнага комплексу на тэрыторыі спаленай вёскі традыцыйна пачынаецца з ускладання кветак. І тое, з якой увагай і шанаваннем наша дзяржава адносіцца да «Хатыні», чарговы раз пацвярджае — боль і страта нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны не будуць забыты. Для таго каб утрымліваць памятныя мясціны ў дагледжаным выглядзе, праводзяцца ў тым ліку такія акцыі.
Усе атрымалі неабходны для работы інвентар — лапаты, пальчаткі і вёдры з вадой. Пасля кароткага інструктажу пачалася пасадка дрэў. «1000 дрэў памяці» — гэта не проста назва. Артысты і дзеячы культуры літаральна высадзілі каля тысячы саджанцаў ялін. Працавалі з душой і поўнай самааддачай, таму не ўзнікала ніякіх сумненняў — для нашых артыстаў сапраўды нескладана зрабіць высакародную і правільную справу ў свой выхадны. А ўлічваючы даволі насычаны графік многіх з іх, сапраўды выхадных дзён у іх не так многа.
«Сёння значная падзея. Вялікая Айчынная вайна была трагічнай падзеяй для беларускага народа, — сказаў заслужаны артыст Беларусі Руслан Аляхно. — З першых дзён акупацыі нацысты пачалі праводзіць палітыку свядомага генацыду. Яны не шкадавалі ні дзяцей, ні дарослых, ні старых. Мы помнім, якой цаной была заваявана перамога ў гэтай вайне. Тут, у «Хатыні», такія акцыі асабліва важны. Сюды будуць прыязджаць нашы дзеці, дзеці нашых дзяцей, і яны змогуць убачыць, як зазелянее «Хатынь». Руслан Аляхно лічыць, што дрэва сімвалізуе жыццё, і гэта яшчэ раз падкрэслівае асаблівае значэнне акцыі.
Мастацкі кіраўнік арт-групы «Беларусы» Валерый Шмат прыехаў у «Хатынь» з сям’ёй. Як і яго калега Руслан Аляхно, Валерый Шмат правёў паралель паміж дрэвам і жыццём: «Бо ў дрэва шмат каранёў, якія можна параўнаць з нашай гісторыяй. Гэта вельмі сімвалічна. Без каранёў не бывае дрэва, як і ў нас няма будучыні без нашага мінулага. Важна помніць не толькі пра светлыя хвіліны нашай гісторыі, але і пра такія трагедыі, каб яны не паўтарыліся. Калі гэтыя яліны вырастуць, яны будуць радаваць нашых унукаў і праўнукаў многія дзесяцігоддзі».
Дрэвы ў «Хатыні» высадзілі на некалькіх участках. Тысяча елак — гэта вельмі значная лічба, але ў «Хатыні» можа быць пасаджана яшчэ не адна тысяча дрэў. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі выказаў упэўненасць, што да добраўпарадкавання «Хатыні» далучацца многія беларусы. У тым, што ініцыятыва кіраўніка дзяржавы будзе падтрымана і іншымі нашымі суайчыннікамі, сапраўды няма сумненняў. І праз некалькі дзесяцігоддзяў тэрыторыя «Хатыні» ў добрым сэнсе зменіцца да непазнавальнасці. Было б цікава цяпер ненадоўга зазірнуць у будучыню, каб убачыць, як дрэвы, пасаджаныя неабыякавымі беларусамі, зменяць гэта асаблівае ў нашай гісторыі месца.
Андрэй ВАРАПАЙ,
БЕЛТА.