РІКВ: структура тэстаў ЦТ зведала змяненні
Фота з архіва
18 красавіка, Мінск . Структура тэстаў ЦТ у бягучым годзе зведала пэўныя змяненні. Аб гэтым журналістам паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк,
Кіраўнік РІКВ нагадаў, што для ўдзелу і ў ЦЭ і ў ЦТ выпускнікам спатрэбяцца толькі веды базавага курса школьнай праграмы. «Структура тэста ў бягучым годзе зведала пэўныя змяненні. З імі на працягу года ўсе жадаючыя маглі азнаёміцца альбо пры правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання, альбо пры правядзенні рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену. Частка А — там, дзе трэба выбіраць гатовыя варыянты адказаў, — зменшылася. Частка Б — там, дзе трэба сканструяваць адказ і запісаць яго, — павялічылася. У цэлым складанасць тэста не павялічылася, яго даўжыня скарацілася практычна для ўсіх прадметаў. Заданні па складанасці вытрыманы такім чынам, каб можна было праверыць толькі школьную праграму, не выходзячы за яе межы. Вучням не спатрэбіцца дэманстраваць дадатковыя веды. Ім спатрэбяцца толькі веды за базавы курс школьнай праграмы», — расказаў Юрый Міксюк.
Ён адзначыў, што кожны ўдзельнік конкурсу на паступленне ў ВНУ ў бягучым годзе павінен будзе мець на руках тры сертыфікаты. «Выпускнік не зможа мець больш у гэтым годзе. Таму выпускнікі бягучага года, якія пройдуць два іспыты і атрымаюць два сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену, змогуць удзельнічаць у адным іспыце — зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэсціраванне. Але выпускнікі мінулых гадоў змогуць удзельнічаць у трох іспытах, г.зн. зарэгістравацца на тры ЦТ», — праінфармаваў дырэктар.