Прэм’ер Славакіі аб’явіў аб прыпыненні імпарту збожжа і іншых прадуктаў з Украіны
Фота з архіва
17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік урада Славацкай Рэспублікі Эдуард Хегер заявіў, што імпарт украінскай сельгаспрадукцыі ў краіну прыпынены, інфармуюць РІА Навіны.
14 красавіка ўлады Польшчы і Венгрыі ўвялі забарону на імпарт збожжа і асобных прадуктаў з Украіны, якія пры паступленні на агульнаеўрапейскі рынак не абкладваюцца пошлінамі. Такое рашэнне было прынята на фоне акцый пратэстаў мясцовых фермераў. Напярэдадні аб магчымасці прыняцця аналагічнага рашэння заявілі ў Балгарыі.
У пачатку лютага польскія асацыяцыі фермераў выступілі супраць таго, што ў рэспубліцы рэалізуецца збожжа, якое пастаўляюць з Украіны, а потым яно экспартуецца на продаж у іншыя краіны. Акрамя таго, польскія аграрнікі адзначылі, што імпартуецца ўкраінскае збожжа нізкай якасці, з-за чаго цэны на мясцовую прадукцыю значна знізіліся. Фермеры баяцца, што з-за ўкраінскай прадукцыі ў сховішчах можа не хапіць месца для новага ўраджаю. Паводле афіцыйных даных польскага боку, за мінулы год у рэспубліку з Украіны завезлі каля 2 млн т збожжа.
У канцы сакавіка кіраўнікі некаторых еўрапейскіх краін звярнуліся да кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен з просьбай умяшацца ў крызіс, выкліканы наплывам збожжа з Украіны. У пісьме кіраўнікі ўрадаў Румыніі, Балгарыі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі ўказалі на беспрэцэдэнтны рост імпарту збожжавых, алейных культур, яек, птушкі, цукру, яблычнага соку, ягад, яблыкаў, мукі, мёду і макаронных вырабаў.-0-