Пастаянныя прадстаўнікі абмяркуюць вынікі мерапрыемстваў Года народнай творчасці і культурнай спадчыны ў СНД
Фота з архіва
17 красавіка, Мінск . Чарговае пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці пры статутных і іншых органах СНД адбудзецца 20 красавіка ў Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.
На сустрэчы пастаянныя прадстаўнікі падвядуць вынікі пасяджэння Савета міністраў замежных спраў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое прайшло 14 красавіка ў Самаркандзе, і намецяць задачы па рэалізацыі прынятых на ім дакументаў і дасягнутых дамоўленасцей.
Члены СМЗС разгледзелі 10 пытанняў, сярод якіх арганізацыя спартакіяд краін СНД сярод дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, выкананне Плана шматузроўневых кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў і Праграмы дзеянняў па актывізацыі партнёрства паміж знешнепалітычнымі ведамствамі ў 2022 годзе, вызначэнне спартыўных сталіц Садружнасці на бліжэйшыя два гады і базавая арганізацыя па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы журналісцкіх кадраў.
Акрамя таго, Савет пастаянных прадстаўнікоў абмяркуе вынікі рэалізацыі мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнай творчасці і культурнай спадчыны ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.