МЗС КНР: Кітай падтрымлівае імкненне Еўропы аднавіць перагаворы паміж Расіяй і Украінай
МЗС КНР. Фота ТАСС
19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітай падтрымлівае імкненне еўрапейскіх краін аднавіць перагаворы паміж Расіяй і Украінай у самыя кароткія тэрміны. Аб гэтым заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Ван Вэньбінь, паведамляе ТАСС.
Ван Вэньбінь адзначыў, што Кітай падтрымлівае еўрапейскі бок, які, «кіруючыся ўласнымі асноватворнымі і доўгатэрміновымі інтарэсамі», імкнецца як мага хутчэй аднавіць расійска-ўкраінскія перагаворы. Такім чынам ён адказаў на пытанне карэспандэнта ТАСС наконт таго, як Пекін ацэньвае інфармацыю аб намеры прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона прадставіць Кітаю план, які можа пасадзейнічаць аднаўленню дыялогу паміж Расіяй і Украінай.
Ван Вэньбінь таксама падкрэсліў, што Кітай выступае за стварэнне «эфектыўных і ўстойлівых рамак для забеспячэння бяспекі ў Еўропе», і нагадаў словы старшыні КНР Сі Цзіньпіна аб неабходнасці таго, каб кожны з зацікаўленых бакоў ствараў спрыяльныя ўмовы для дыялогу.
Раней агенцтва Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон мае намер разам з кітайскім бокам распрацаваць план, які можа быць пакладзены ў аснову мірных перагавораў паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай. Паводле даных агенцтва, для распрацоўкі плана Макрон даручыў свайму саветніку па знешняй палітыцы Эмануэлю Бону працаваць разам з кіраўніком канцылярыі камісіі па замежных справах ЦК Кампартыі Кітая Ван І.-0-