Лукашэнка пра дысцыпліну ў рэгіёнах: настае жалезная дыктатура
28 красавіка, Веткаўскі раён . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць азнаёміўся са створанай сістэмай па рамонце і аднаўленні старой тэхнікі і звярнуў увагу на пытанні дысцыпліны. Як тэхналагічнай, так і кадравай,
«Настае жалезная дыктатура! Засядзеліся ў Мінску. У Гродне праводзім нараду: поўны адрыў урада ад губернатараў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца адноўленай сельгастэхнікі, Прэзідэнт сказаў: «Сістэма наладжана правільна, гэтым шляхам трэба ісці».
«Усяго ў нас хапае. У нас не хапае дысцыпліны», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка для журналістаў і грамадства растлумачыў, што размова ідзе пра тэхніку, якая праслужыла ў гаспадарках 5-7 гадоў і якую «кінулі пад плот». «Мы прынялі рашэнне з-пад плота дастаць, аднавіць і даць новае жыццё гэтай тэхніцы», — адзначыў ён.
«Прыгожая!» — сказаў Прэзідэнт, ацэньваючы прадстаўленыя ўзоры адноўленай тэхнікі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэта даручэнне павінна было зыходзіць не ад яго, а ў першую чаргу на месцах трэба беражліва і па-гаспадарску абыходзіцца з тэхнікай. «Ставімся расхлябана, не беражом яе. А гэта грошы!» — заўважыў ён.
Камбайн «Гомсельмаша» павінен працаваць мінімум 15 гадоў, падкрэсліў Прэзідэнт. Тое ж самае датычыцца і трактарнай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як аднойчы размаўляў з амерыканскім фермерам, які больш за 30 гадоў эксплуатаваў беларускі трактар, і той быў спраўны і цалкам у рабочым стане.
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць і кадравай дысцыпліны, але важна не толькі патрабаваць, але і выпрацаваць неабходную нарматыўную прававую базу. Безгаспадарчае стаўленне і расхлябанасць не павінны заставацца беспакаранымі.
«Павінна быць вось такая сістэма выпрацавана, калі мы не хочам ваяваць так, як яны ваююць на поўдні. Нам патрэбны нарматыўныя прававыя акты. Каб гэта было ў законе. Парушыў закон — пайшоў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе з актывам вобласці Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў яго ёсць кадравы рэестр і ён узгадняе назначэнне шэрага кіраўнікоў, у тым ліку старшынь райвыканкамаў. І без яго ведама вызваліць іх з пасады нельга. Тое ж самае — пэўны пералік кадраў — павінна быць на ўзроўні абласцей, раёна і далей па вертыкалі, аж да механізатараў.