Прэзідэнт

Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды суддзям Вярхоўнага Суда

14 красавіка, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды 12 суддзям Вярхоўнага Суда. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці напярэдадні знамянальнай для ўсёй судовай сістэмы даты — векавога юбілею Вярхоўнага Суда,

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 100-гадовая гісторыя станаўлення і развіцця вышэйшага судовага органа Беларусі багатая на падзеі: «Яна беражліва захоўвае памяць аб кіраўніках, суддзях Вярхоўнага Суда і многіх іншых яго работніках, якія аддалі ўсе сілы і веды служэнню закону. Некаторыя з іх не толькі вяршылі правасуддзе, але і ў гады Вялікай Айчыннай вайны са зброяй у руках абаранялі сваю Радзіму ад фашысцкай навалы».

«Вопыт, веды, грамадзянская мужнасць і адказнасць вашых папярэднікаў заўсёды дапамагалі нашай краіне правільна выбіраць шлях свайго развіцця», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, судовая сістэма краіны не раз перажывала змяненні. «Але глабальныя пераўтварэнні ў яе ўмацаванні звязаны з набыццём нашай краінай дзяржаўнага суверэнітэту. Многія з прысутных тут суддзяў былі ўдзельнікамі гэтага працэсу рэфармавання», — сказаў Прэзідэнт.

Судовая галіна ўлады ў яе цяперашнім абліччы сфарміравалася структурна і функцыянальна, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Створана таксама адзіная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі пад кіраўніцтвам Вярхоўнага Суда. Надзяленне судоў паўнамоцтвамі па судовым адміністраванні і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні замацавала іх самастойнасць.

«Дзяржава ўдзяляе сур’ёзную ўвагу судовай сістэме, зацікаўлена ў яе пастаянным развіцці, адзначае ўсе дасягненні і поспехі судзейскага корпуса, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Узнагароджанне шэрага суддзяў высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі з’яўляецца не толькі асаблівай прыкметай і павагай асабістых заслуг. Гэта ацэнка дзейнасці вашай прафесійнай супольнасці».

Заслужаныя ўзнагароды кіраўнік дзяржавы ўручыў сёння адным з лепшых суддзяў Вярхоўнага Суда — тым, хто садзейнічаў умацаванню судовай сістэмы, дзякуючы каму беларускае правасуддзе прадаўжае дынамічна развівацца.

Прэзідэнт уручыў суддзям Таццяне Праташчык, Валянціне Крывой, Ганне Сакалоўскай, Ірыне Тылец, Іне Цысік і Аляксею Цяцюхіну медаль «За працоўныя заслугі», Пятру Лістраценку, Аляксею Рыбакову і Андрэю Яфрэмаву — «За бездакорную службу» ІІІ ступені. Званне заслужанага юрыста Беларусі прысвоена суддзі Вярхоўнага Суда Валянціне Кулік. Суддзям Андрэю Алешчанку і Фёдару Чубкаўцу ўручана Падзяка Прэзідэнта Беларусі.

«Я абсалютна ўпэўнены, што і ў далейшым вы будзеце абараняць сваю краіну, сваю Радзіму, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ад усёй душы жадаю вам здароўя, міру, дабрабыту, далейшых поспехаў у вашай няпростай прафесійнай дзейнасці».

У слове ў адказ Валянціна Кулік сказала, што лічыць прысвоенае званне заслужанага юрыста вышэйшай узнагародай у сваёй прафесіі. «Я вельмі ўдзячная за тое, што мая праца, прафесійная дзейнасць, служэнне правасуддзю так высока ацэнены дзяржавай. Я лічу, што для чалавека вельмі важна выбраць свой жыццёвы шлях і прафесію. Я шчаслівая, што ў сваім выбары не памылілася. Я люблю справу, якой служу, і вельмі ўдзячная, што на маім жыццёвым шляху сустракаліся цудоўныя людзі, юрысты, суддзі, якія вучылі мяне служыць закону, сваёй краіне і людзям, вучылі мяне разумець дух і літару закону, вучылі шукаць ісціну і адчуваць справядлівасць. А галоўнае, яны вучылі мяне любіць сваю справу, краіну і людзей. Гэта не проста высокія словы, паколькі без гэтага пачуцця, я лічу, няма сапраўднага суддзі». Судзейскія абыякавасць, памылкі або непрафесіяналізм вельмі дорага каштуюць грамадству ў цэлым і канкрэтным людзям у прыватнасці, звярнула ўвагу Валянціна Кулік.

«Кажуць, што Вярхоўны Суд — гэта група юрыстаў, якія выпраўляюць памылкі іншых судоў і ўвекавечваюць свае ўласныя. Я хачу сказаць вам, Аляксандр Рыгоравіч, што мы, уся каманда Вярхоўнага Суда, пастараемся не дапускаць такіх памылак, а галоўнае — як і раней, служыць людзям і сваёй краіне», — запэўніла яна.

У сваю чаргу старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала падкрэсліў, што ўсе суддзі краіны вельмі ўдзячныя за тую ўвагу, якую Прэзідэнт пастаянна ўдзяляе судовай сістэме.

«Ваша стаўленне — яно па-дзяржаўнаму строгае і патрабавальнае, але яно і ўважлівае, чулае і, магчыма, па-бацькоўску клапатлівае», — сказаў кіраўнік суда. Паводле яго слоў, многія замежныя калегі, якія наведвалі Вярхоўны Суд, знаёміліся з яго работай, па-добраму зайздросцяць, бо размешчаны ў Мінску Палац правасуддзя лічыцца адным з лепшых у Еўропе. «Яны зайздросцяць той увазе, стаўленню, якія вы, як кіраўнік дзяржавы, удзяляеце нам», — сказаў старшыня ВС.

«У самыя складаныя, цяжкія, пераломныя моманты станаўлення беларускага правасуддзя, суддзі звярталіся да вас і заўсёды атрымлівалі добрую параду, падтрымку, разуменне, а, калі трэба, то і абарону, — звярнуўся да Прэзідэнта Валянцін Сукала. — І кожны новы этап судовага будаўніцтва сёння канцэптуальна абмяркоўваецца вамі з удзелам судзейскай супольнасці, да погляду якой вы заўсёды прыслухоўваецеся. Таму ў нашай краіне і створана такая сучасная, вельмі ўстойлівая, зразумелая судовая сістэма, здольная вытрымаць усе сучасныя выклікі, пагрозы, якая забяспечвае судовую абарону правоў нашых грамадзян і дастойны ўзровень грамадскага правапарадку».

Старшыня ВС запэўніў, што ўвесь судзейскі корпус правільна разумее задачы, якія стаяць перад ім, усведамляе ўзровень сваёй адказнасці і гатовы зрабіць усё, каб у далейшым забяспечыць правапарадак, законнасць, справядлівасць у краіне. З нагоды юбілейнай даты Валянцін Сукала перадаў у падарунак кіраўніку дзяржавы эксклюзіўны экзэмпляр спецыяльнага выдання, прысвечанага гісторыі беларускага правасуддзя.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»