Грамадства

Куды паехаць турысту? Рэгіёны прэзентавалі новыя маршруты на форуме «Адкрый Беларусь»

Унутраны турызм набірае папулярнасць. Аб тым, што цікавасць да нашых славутых мясцін, санаторыяў высокая, паказаў маштабны прафсаюзны форум «Адкрый Беларусь». Усе рэгіёны выклаліся максімальна. Прыцягвалі гасцей смачнай ежай, песнямі, танцамі, майстар-класамі. Прывезлі ўражальныя экспанаты з мясцовых музеяў. Часам, каб бліжэй іх разгледзець, даводзілася чакаць чаргі — такі быў ажыятаж. На адкрыцці форуму агучылі лічбы: толькі прафсаюзы ў мінулым годзе арганізавалі экскурсіі больш як для 570 тыс. чалавек, у 2023-м маюць намер азнаёміць з краінай да мільёна работнікаў прадпрыемстваў і іх родных. Аб тым, што прапаноўваюць турыстам у Беларусі, — у рэпартажы БЕЛТА.

Мінская вобласць: Слуцкія паясы, унікальнае Евангелле і калекцыя сігнальных ліхтароў

Міншчына славіцца замкам Радзівілаў у Нясвіжы і ўнікальнай прыродай нацыянальнага парку «Нарачанскі». На форуме прафсаюзы рэгіёна прадставілі менш вядомыя, але таксама цікавыя мясціны. Так, беларусам і замежным гасцям прапануюць пабываць у Слуцку. Убачыць слуцкія паясы — элементы мужчынскага адзення, якія ў час Вялікага Княства Літоўскага лічыліся прыкметай высакароднага паходжання, унікальны рукапісны помнік XVI стагоддзя Слуцкае Евангелле, калекцыю сігнальных і асвятляльных ліхтароў з 140-гадовай гісторыяй.

Слуцк названы культурнай сталіцай Беларусі 2023 года. У маршрут уключаны музеі гісторыі слуцкіх паясоў, чыгуначных войскаў, мясцовы краязнаўчы музей, сустрэчы з рамеснікамі. Да прэзентацыі горада падышлі крэатыўна: былі і ажыўшыя скульптуры, і майстар-класы, і выступленні музыкантаў.

Асабліва ўражваюць экспанаты музея чыгуначных войскаў. «Наш музей унікальны, працуе з 2015 года. Адзін такі ў Беларусі. Прадстаўлены рэдкія рэчы. Шэсць залаў, шэсць тэматычных экспазіцый… У нас можна паглядзець узоры старых рэек з фірменным кляймом, процівагазы, сігнальныя і асвятляльныя ліхтары. Усяго больш за тысячу экспанатаў», — прадставіў сваю ўстанову Ігар Кунцэвіч.

Брэсцкая вобласць: палескія сенакосы, сядзібы і музей касманаўтыкі

Брэсцкі рэгіён таксама зрабіў стаўку не на свае брэндавыя славутыя мясціны — Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу, Косаўскі і Ружанскі замкі. Гэтыя аб’екты ведаюць далёка за межамі краіны. А вось пра адзіны ў рэспубліцы музей касманаўтыкі, які знаходзіцца на радзіме першага беларускага касманаўта двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука ў аграгарадку Тамашоўка пад Брэстам, чулі нямногія.

«Нашаму музею ў гэтым годзе спаўняецца 45 гадоў. Ён вялікі па плошчы, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў школе. Налічвае амаль 2 тыс. экспанатаў. Большасць арыгінальныя, многія падораны самім Клімуком. Музей знаходзіцца за 70 км па поўдзень ад Брэста ў Прыбужскім Палессі — крыху ўбаку ад турыстычных сцяжын. Візіт да нас можна сумясціць з адпачынкам на прыродзе. Тут прыгожыя мясціны, ёсць веласіпедныя маршруты», — расказала хавальнік фондаў музея Наталля Гадун.

Яшчэ адзін новы маршрут у ваколіцах Брэста прадугледжвае наведванне сядзібы Нямцэвічаў у Скоках, касцёла ў Воўчыне, сядзібы Пузынаў ў Грымячы.

Асобна на форуме быў прадстаўлены такі самабытны беларускі рэгіён, як Палессе. Яго сталіца Пінск, Спораўскі заказнік, невялікія палескія вёсачкі са сваім каларытам заслугоўваюць увагі турыстаў. У жніўні гасцей запрашаюць на фестываль «Спораўскія сенакосы», а ў міжсезонне — на анімацыйна-забаўляльны квест «У пошуках чаратоўкі». У самым Пінску рэкамендуюць не прапусціць народны музей Чырванасцяжнай Дняпроўскай ваеннай флатыліі.

Не расчаруе вобласць і аматараў гастранамічнага турызму. Усім прыйшоўшым на форум прапанавалі пакаштаваць грачанік (маларыцкі хлеб з грэцкай мукі), сушаную на печы рыбу і стравы на яе аснове. Паказалі, як зрабіць шчэпавую птушку, рабіць размалёўку на шкле, плесці шэдэўры з саломкі.

Рэгіён ганарыцца і сваімі народнымі святамі, абрадамі. У афішы з’явіліся такія новыя фестывалі, як «Берасцейскія сані», «Лунінецкія клубніцы», «Вістыцкі яблык».

Гомельская вобласць: мемарыялы, гальванапластыка і лясное бортніцтва

У Гомельскай вобласці зрабілі стаўку на пашырэнне народных традыцый і патрыятычныя маршруты. Край вельмі пацярпеў у Вялікую Айчынную вайну. Пра тыя падзеі нагадваюць мемарыяльныя комплексы «Помнік дзецям — ахвярам ВАВ» у Чырвоным Беразе, «Ала» і «Аперацыя Баграціён» у Светлагорскім раёне, «Партызанская крынічка» пад Гомелем, «Азарычы». Многія з іх апошнім часам былі рэканструяваны або нядаўна адкрыліся.

«Наш праект, які аб’ядноўвае гэтыя мемарыялы, называецца «Вечнай памяццю жывыя…». Ён папулярны, экскурсіі па гэтых мясцінах карыстаюцца попытам, асабліва сярод школьнікаў», — расказала загадчыца аддзела Гомельскага музея ваеннай славы Вікторыя Заяц.

З гісторыка-культурнай спадчынай рэгіёна знаёміць выстава работ ураджэнца Чачэрскага раёна Аляксандра Плістава. Гэта адзіны ў Беларусі майстар па мастацкай гальванапластыцы — тэхналогіі атрымання дакладных металічных копій розных прадметаў шляхам асаджэння разнародных металаў на мадэлі.

«Займаюся гэтым відам творчасці 31 год. Прысвячаю яму ўвесь вольны час. Езджу па фестывалях, кірмашах. Фактычна кожны тыдзень у раз’ездах. Найбольшую цікавасць выклікаюць іконы, абразы. Часта бяруць у падарунак і работы на тэму палявання. Калекцыя вялікая — больш за 300 карцін» , — расказаў майстар.

Жыхары Лельчыцкага раёна пазнаёмілі гасцей выставы з лясным бортніцтвам, прапанаваўшы пакаштаваць мёд. «У 2017 годзе гэтаму віду рамяства на прыкладзе нашага раёна прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, а ў 2020-м ён быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, — расказала Алена Платонава з Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. — Мы знаходзімся вельмі далёка, нам не так проста прыцягнуць турыстаў. Але тым не менш стараемся. У ціхіх Лельчыцах сэрца лечыцца…».

Таксама статус унікальных атрымалі мясцовыя традыцыі пакланення каменным крыжам, творчасць фальклорнага калектыву «Палескія напевы», абрад «Чырачка». Яшчэ адна каларытная славутасць раёна — кар’ер у Глушкавічах. Мясцовыя пейзажы называюць Беларускай Карэліяй. Запрашаюць гасцей і на фестываль «Мядовы фальварак», які пройдзе 20 мая.

Свае экскурсіі прэзентаваў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, жыхары вёскі Аўцюкі расказалі пра фестываль гумару. Веткаўскі раён пазнаёміў з працэсам рэстаўрацыі старажытнага абраза — мясцовы музей стаў сусветнай знакамітасцю дзякуючы ўнікальнай калекцыі стараверскіх каштоўнасцей.

Віцебская вобласць: Крыж Ефрасінні Полацкай і «Славянскі базар»

Галоўным экспанатам Віцебскай вобласці на прафсаюзным турыстычным форуме стаў крыж нябеснай заступніцы Беларусі, святой Ефрасінні Полацкай. Штогод полацкі манастыр наведваюць тысячы паломнікаў, каб пакланіцца яе мошчам.

Асобны стэнд быў прысвечаны «Славянскаму базару». Тут прапаноўвалі паказаць сябе на сцэне, праспяваць у мікрафон, які бываў у руках зорак эстрады, акунуцца ў фестывальную атмасферу. Прадставілі фотаэкспазіцыю, фестывальны мерч, афішы будучых канцэртаў.

Экспазіцыю ваеннай тэматыкі падрыхтаваў віцебскі музей імя Шмырова. Полацк прэзентаваў свае анімацыйныя праграмы, сплавы на байдарках. Адна з экспазіцый расказвала пра такі цікавы гарадок рэгіёна, як Паставы.

Гродзенская вобласць: Ліпічанская пушча і магія хрусталю

У Гродзенскай вобласці зрабілі стаўку на актыўны адпачынак у Ліпічанскай пушчы на берагах рэк Шчара і Нёман. Тут можна сплавіцца на байдарках, лодках з электраматорам, пракаціцца па лясных сцежках на УАЗіку. «Рака Шчара даволі спакойная, па берагах водзяцца чырванакніжныя жывёлы. Турыстам падабаецца», — расказалі прадстаўнікі Мастоўскага раёна.

Яшчэ адзін напрамак, які апошнім часам стаў набіраць папулярнасць, — экскурсіі на шклозавод «Нёман». Паказаў рэгіён і фестывалі, сярод якіх «Бацькава булка», «Іўеўскі памідор», «Аненскі кірмаш».

Свае паслугі прапанаваў агратурыстычны комплекс «Каробчыцы». Тут можна пакатацца на конях, паглядзець работы народных майстроў, заапарк, партызанскі лагер.

Магілёўская вобласць: беларускі Версаль і шапавальства

Цэнтральным аб’ектам экспазіцыі Магілёўскай вобласці стаў палацава-паркавы ансамбль у Жылічах. Пабудаваны ў XIX стагоддзі палац у стылі позняга класіцызму быў рэзідэнцыяй шляхціца Булгака. У розныя гады тут размяшчаліся дзіцячы дом, тэхнікум, шпіталь. Гэту зямлю ў Кіраўскім раёне абмінулі бамбёжкі дзвюх сусветных войнаў, таму будынак добра захаваўся. «Булгакі — адзін з самых старажытных і багатых радоў на тэрыторыі Беларусі. Нягледзячы на рэстаўрацыйныя работы, мы прымалі турыстаў. Цяпер рэстаўрацыя скончылася, адкрыўся для агляду ўвесь другі паверх — 12 залаў. Палац добра захаваўся, можна ўбачыць арыгінальную ляпніну. Прыязджайце», — расказала навуковы супрацоўнік музея Ксенія Новікава.

Дрыбінскі раён прэзентаваў традыцыі шапавальства — валёнкі, шапкі, цацкі, упрыгажэнні з воўны. У планах у мясцовых рамеснікаў — стварыць калекцыю карцін з сімволікай беларускіх гарадоў.

Што прапаноўваюць прафсаюзныя здраўніцы і базы адпачынку

Усяго ў сістэме «Белпрафсаюзкурорт» налічваецца 12 санаторыяў, у тым ліку адзін дзіцячы. На форуме можна было падрабязна даведацца пра кожны з іх. І не толькі — наведвальнікам нават прапаноўвалі азнаёміцца з медыцынскімі працэдурамі.

Акрамя таго, спецыяльна для выставы повары санаторыяў прыгатавалі стравы па старажытных беларускіх рэцэптах.

«Прадставілі нацыянальную кухню пачынаючы з XI стагоддзя — першыя, другія стравы, хатні хлеб, грыбную поліўку ў хлебе. Адметнасць праграмы — качка фламбэ ў саляным кокане. Ёсць і салодкія ласункі — «дзьмухаўцы» і маннік. Вельмі ўсё свежае, смачнае. Усё, што вы тут бачыце, гэтак жа ў значна большым маштабе, гатуем для адпачывальнікаў, калі праходзяць Дні беларускай кухні», — рэкламуе прадукцыю дырэктар санаторыя «Буг» Кацярына Шалесцюковіч.

Таксама ў выстаўцы прынялі ўдзел прадстаўнікі прафсаюзных баз адпачынку. Напрыклад, гасцей запрашалі адпачыць на Браслаўскіх азёрах. Тут у раёне аднайменнай базы адпачынку на ўзбярэжжы пятага па велічыні возера Беларусі Дрывяты да сезона абнаўляюць пляж, будуюцца новыя катэджы. «Да нас могуць прыехаць як індывідуальныя турысты, так і групы. Прадастаўляем пражыванне, харчаванне, анімацыйныя праграмы «Востраў скарбаў», «Назад у СССР», «Легенды Браслава». У нас заўсёды весела. Будзем рады», — расказалі браслаўчане.

Форум прадаўжае работу. Арганізатары мерапрыемства прапаноўваюць адкрываць Беларусь ва ўсіх яе праявах. Гэта цікава.

Надзея МАЦВЕЕВА,

БЕЛТА.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»