Класіка для дзяцей і хіты савецкага кіно. Якая музыка загучыць гэтым летам у гістарычным цэнтры Мінска
Фота з архіва
17 красавіка, Мінск . Упраўленне культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта распрацавала праект правядзення летняга музычна-турыстычнага сезона. Сезон адкрыецца 13 мая выступленнем камернага аркестра «Minsk-Classic» і завершыцца 16 верасня выступленнем Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Аб тым, якая музыка загучыць гэтым летам у гістарычным цэнтры Мінска, журналістам расказаў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль,
У Год міру і стварэння культурныя мерапрыемствы ў сталіцы пройдуць пад агульнай назвай «Мінск. Традыцыі. Гасціннасць. Яднанне». У праграму «Музычная спадчына сталіцы» надыходзячага летняга музычна-турыстычнага сезона ўвайшлі творчыя праекты, якія дадуць магчымасць раскрыцць багацце нацыянальнай культуры і спадчыны нашай краіны, азнаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі творчымі прафесійнымі і аматарскімі калектывамі Мінска. Як растлумачыў Віталь Брэль, галоўнай кропкай прыцягнення глядачоў стане пляцоўка каля канцэртнай залы «Верхні горад», якая будзе працаваць на працягу ўсяго сезона штотыднёва па суботах з 20.00 да 22.00.
Праграму падзялілі на пяць тэматычных блокаў. Першы блок пад назвай «Класіка для дзяцей» будзе прадстаўлены гледачам у перыяд з 20 мая па 3 чэрвеня. У канцэртах прымуць удзел выхаванцы дзіцячых музычных школ, лаўрэаты і дыпламанты рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў, стыпендыяты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Музыка другога тэматычнага блока «Канцэрты для фартэпіяна з аркестрам» прагучыць для слухачоў з 10 чэрвеня па 1 ліпеня. На сцэнічную пляцоўку выйдуць лаўрэаты міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Хандогій, Аляксандр Данілаў, Цімур Сергееня.
Канцэртную праграму трэцяга блока «Музычная класіка савецкага кіно» пакажуць мінчанам і гасцям сталіцы з 8 па 22 ліпеня. На сцэнічнай пляцоўцы «Верхні горад» прагучаць любімыя многімі музычныя творы з савецкіх кінафільмаў.
На працягу трох субот, з 29 ліпеня па 12 жніўня, на галоўнай пляцоўцы прагучыць папулярная класіка. Жыхары сталіцы і госці горада пачуюць шэдэўры сусветнай класічнай музыкі ў выкананні канцэртнага аркестра «Няміга» і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Завершыцца праграма «Музычная спадчына сталіцы» канцэртным блокам «Класіка савецкай эстрады». З 19 жніўня па 16 верасня прагучаць кампазіцыі Максіма Дунаеўскага, Мусліма Магамаева і мелодыі залатога фонду беларускай савецкай эстрады.