Хрэнін: членства Беларусі ў ШАС здольна павысіць ролю арганізацыі на міжнароднай арэне
Віктар Хрэнін. Фота з архіва
28 красавіка, Мінск . Сёння ў індыйскім Нью-Дэлі на палях Нарады міністраў абароны дзяржаў — членаў ШАС адбылася рабочая сустрэча міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна з міністрам абароны Індыі Раджнатхам Сінгхам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.
Як адзначыў Віктар Хрэнін, Індыя з’яўляецца дружалюбнай Беларусі краінай, а таксама займае важнае месца ў сусветнай і рэгіянальнай палітыцы. «Супрацоўніцтва з Індыяй з’яўляецца адным з важных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі, а нашы двухбаковыя адносіны развіваюцца на прынцыпах павагі і ўзаемаразумення. У мінулым годзе мы адзначылі 30-гадовы юбілей устанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Сумеснымі намаганнямі вядзецца работа па развіцці існуючых напрамкаў супрацоўніцтва, а таксама па пошуку новых агульных інтарэсаў у розных сферах дзейнасці», — сказаў Віктар Хрэнін.
На думку міністра абароны, Беларусь і Індыя салідарныя ў пытанні неабходнасці руху па шляху дыялогу і дыпламатыі для больш хуткага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. «Менавіта цяпер, калі на гарызонце замаячыла трэцяя сусветная вайна, мы адзіныя ў думцы, што адзіным спосабам выратаваць жыцці мільёнаў людзей з’яўляецца пачатак перагаворнага працэсу. За Беларуссю ў свеце трывала замацаваўся статус міралюбнай дзяржавы. Размяшчаючыся паміж Захадам і Усходам, Беларусь успрымае сваё геапалітычнае становішча як сувязнае звяно, артэрыю паміж імі, а не як бар’ер, буфер або прахадны двор», — падкрэсліў міністр абароны.
Віктар Хрэнін лічыць, што ўступленне Беларусі ў ШАС здольна адкрыць новыя перспектывы ў пабудове адзінага і разнастайнага супольніцтва, пашырэння кантактаў паміж людзьмі, грамадствамі і краінамі. «І для гэтага мы ўжо ратыфікавалі ўсе неабходныя дакументы. Мы ўпэўнены, што наша членства будзе садзейнічаць таксама далейшаму павышэнню ролі ШАС на міжнароднай арэне ў якасці прыкладу шматбаковага механізма», — лічыць кіраўнік Мінабароны.