Хакеісты жлобінскага «Металурга» сталі ўладальнікамі Кубка Прэзідэнта
26 красавіка, Мінск . У Гродне 24 красавіка вырашыўся лёс чэмпіёнства ў беларускай хакейнай экстралізе сезона-2022/23, якое разыгрывалі мясцовы «Нёман» і жлобінскі «Металург»,
Для вызначэння пераможцы Кубка Прэзідэнта другі сезон запар спатрэбіліся максімальна магчымыя сем матчаў. Хакеісты гродзенскага клуба пакінулі за сабой першую, трэцюю і пятую гульні фіналу, жлабінчане атрымлівалі перамогі ў другім, чацвёртым і шостым паядынку серыі. Вырашальная сустрэча каманд адбылася ў Лядовым палацы спорту Гродна і чарговы раз запар прайшла пры запоўненых трыбунах. Акрамя 3 тыс. балельшчыкаў «Нёмана» на арэне сабраліся каля 200 паклоннікаў жлобінскага клуба.
Стартавая трэць закончылася ўнічыю 0:0, хоць гаспадары лёду часцей за саперніка кантралявалі шайбу і стварылі больш галявых момантаў. Найбольш рэальны шанц вызначыцца гродзенцы мелі пры гульні ў большасці бліжэй да канца перыяду, але форвард «Нёмана» Мікіта Рэмезаў трапіў у штангу варот Аляксандра Самойлава.
У наступным перыядзе «Металург» выраўнаваў гульню, некалькі разоў сур’ёзна пагражаючы ўладанням Міхаіла Карнавухава. Адна з атак жлабінчан у выніку аказалася галявой: лік у матчы на 29-й мінуце адкрыў Павел Купчыхін.
Незадоўга да адыходу на другі перапынак ігракі «Нёмана» зноў аказаліся ўпяцярых супраць чацвёркі гасцей і нават змаглі нарэшце вызначыцца. Аднак пасля відэапрагляду было вызначана, што шайба трапіла ў вароты «ваўкоў» пасля сірэны аб заканчэнні перыяду.
У заключнай 20-мінутцы гродзенцы трэці раз атрымалі магчымасць пагуляць у большасці, але рэалізаваць лішняга зноў не змаглі — таксама адзіным выдаленнем саперніка не скарыстаўся і «Металург». За мінуту да сірэны трэнер «Нёмана» Яўген Летаў замяніў галкіпера каманды на шостага палявога іграка, але гаспадарам гэта не дапамагло. У выніку 1:0, ганаровы трафей адпраўляецца ў Жлобін.
Гэта перамога ў розыгрышы Кубка Прэзідэнта стала для «Металурга» трэцяй у гісторыі клуба: раней калектыў са Жлобіна станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў 2012 і 2022 гадах. Падапечныя Дзмітрыя Краўчанкі сталі першай камандай у гісторыі экстралігі, якая змагла заваяваць нацыянальны тытул, фінішаваўшы ў рэгулярным чэмпіянаце па-за чацвёркай лепшых (на 5-й пазіцыі).
Далей беларускіх аматараў хакея чакае ўрачыстая цырымонія закрыцця сезона экстралігі, на якой будуць уручаны прызы лепшым ігракам, трэнерам, менеджарам і работнікам клубаў праведзенага розыгрышу. Цырымонія адбудзецца ў Мінску 29 красавіка.