«Гэтыя вытворчасці не прападуць». Качанава аб замежных уладальніках прадпрыемстваў, якія пакінулі рынак
Наталля Качанава
26 красавіка, Фаніпаль . Гэтыя вытворчасці не прападуць, заявіла журналістам старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, каменціруючы адыход замежных уладальнікаў прадпрыемстваў з краіны,
Сёння спікер наведала горад Фаніпаль, дзе азнаёмілася з вытворчай дзейнасцю ТАА «Медывайс» і правяла рабочую нараду з кіраўніцтвам прадпрыемства.
«Да мяне на прыём па асабістых пытаннях прыйшоў кіраўнік прыватных медыцынскіх цэнтраў і сказаў, што яны гатовы купіць прадпрыемства або аднавіць вытворчасць на прадпрыемстве, якое пакінулі замежныя інвестары. Прадпрыемства працавала даволі доўга ў нашай краіне. Гэта было дацкае прадпрыемства. Працавалі ў нас даволі паспяхова, але разам з тым, пасля таго як былі ўведзены санкцыі, яны пакінулі яго і выехалі. Засталіся людзі, засталося прадпрыемства, і сёння прыйшлі нашы беларускія бізнесмены, якія аднавілі вытворчасць, вельмі патрэбную для нашай краіны», — сказала Наталля Качанава.
Сёння спікер вырашыла бліжэй азнаёміцца з вытворчасцю ТАА «Медывайс». «Вы ведаеце, чаму я прыехала сюды? Таму што да нас звяртаюцца людзі, што недастаткова сёння выпускаецца розных якасных прыёмнікаў: мочапрыёмнікаў і калапрыёмнікаў. А тут якраз суперсучасная вытворчасць, якая адноўлена і пастаўляюцца ўжо гэтыя медыцынскія вырабы на наш беларускі рынак. Гэта выдатна», — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.
«У цэлым будзе выпускацца больш за 650 медыцынскіх найменняў. Людзі, якія працавалі на гэтым прадпрыемстве — іх было каля 300 чалавек, — ужо чакаюць, калі поўнасцю пачне працаваць гэта прадпрыемства. Засталося толькі ўрэгуляваць некаторыя пытанні, якія датычацца сертыфікацыі, таму што, на жаль, калі праводзілася гэта здзелка, свае гарантыі еўрапейскія партнёры не выканалі. Перш за ўсё яны павінны былі даверанасць на сертыфікацыю гэтых вырабаў перадаць, — удакладніла Наталля Качанава. — Ва ўсякім разе, мы дакладна ведаем, што еўрапейскі рынак таксама зацікаўлены ў гэтых вырабах. Ёсць ужо і заключаныя кантракты. Таму самыя добрыя перспектывы ў такога прадпрыемства, у гэтым няма ніякага сумнення. І гэта яшчэ адно з даручэнняў Прэзідэнта. І тое, аб чым гаварыў кіраўнік дзяржавы ў Пасланні беларускаму народу і парламенту: сыходзяць — няхай сыходзяць. Гэтыя вытворчасці не прападуць. Усё, што было пабудавана, створана ў Беларусі, — усё будзе працаваць і функцыянаваць. Нідзе нічога кінута не будзе».