Галоўчанка: ва ўмовах знешняга націску трэба забяспечыць тэхналагічную незалежнасць і лічбавы суверэнітэт
Раман Галоўчанка
18 красавіка, Мінск . Ва ўмовах знешняга націску трэба забяспечыць тэхналагічную незалежнасць і лічбавы суверэнітэт. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ХХІХ Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ТІБО,
«Практычна 30 гадоў ТІБО збірае на сваёй пляцоўцы людзей, чыя дзейнасць, а ў многіх і жыццё, звязана з шырокай сферай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, тых, хто іх развівае, арганізуе практычнае ўкараненне або імкнецца эфектыўна выкарыстоўваць іх магчымасці. Трыццаць гадоў таму асноўнымі напрамкамі работы праграмістаў былі бухгалтарскія і навуковыя разлікі. Цяпер практычна любая сфера жыццядзейнасці можа быць пераведзена ў лічбавы фармат, надзелена зручным для спажыўца мабільным дадаткам, а развіццё штучнага інтэлекту кардынальна змяняе рынак працы для праграмістаў, юрыстаў, выкладчыкаў. Мы назіраем не толькі хуткі прагрэс і глабалізацыю новых інфармацыйных тэхналогій, але і ўключэнне ў лічбавае развіццё тых сфер жыццядзейнасці, якія раней былі далёкія ад яго. Цяпер мы будуем якасна новую мадэль функцыянавання эканомікі, грамадства і дзяржавы», — сказаў Раман Галоўчанка.
Ён падкрэсліў, што задача форуму ТІБО-2023 — даць комплекснае бачанне дасягненняў і магчымасцей для максімальнага раскрыцця інавацыйнага патэнцыялу IT-сферы ў інтарэсах грамадства і дзяржавы, а таксама партнёраў, перш за ўсё ў рамках ЕАЭС.
«Ужо цяпер мы маем значныя вынікі ў развіцці электроннага ўрада: дзейнічае адзіны партал электронных паслуг, створаны адзіныя сістэмы дыстанцыйнай ідэнтыфікацыі і выкарыстання сродкаў электроннага лічбавага подпісу. Атрыманне ліцэнзій для бізнесу пераведзена ў анлайн. Развіваюцца тэхналогіі беспілотнага транспарту, укараняюцца рабатызаваныя сістэмы на вытворчасці. Наступным этапам павінна стаць стварэнне галіновых лічбавых платформ і змяненне бізнес-працэсаў у маштабе відаў дзейнасці. У сферы дзяржкіравання — пераход на пераважнае аказанне дзяржаўных паслуг і адміністрацыйных працэдур у рэжыме анлайн. Мы імкнёмся таксама захоўваць і развіваць спрыяльную экасістэму для IT-індустрыі, шукаць новыя рынкі і напрамкі, прыцягваць інвестыцыі і таленавітых супрацоўнікаў», — адзначыў прэм’ер-міністр.
«Акрамя таго, сёння ва ўмовах складанага геапалітычнага парадку дня, узмацнення знешняга націску неабходна забяспечыць не толькі тэхналагічную незалежнасць, але і лічбавы суверэнітэт, абапіраючыся на нашых партнёраў, перш за ўсё РФ і іншыя краіны Еўразійскага эканамічнага саюза», — звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада.
Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ТІБО-2023 прадоўжыцца да 21 красавіка. На выстаўцы прадукцыю і паслугі прадстаўляюць вядомыя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, апаратных сродкаў і праграмнага забеспячэння, аператары мабільнай і фіксаванай сувязі, распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі высокатэхналагічных прадуктаў, сістэм бяспекі, інтэлектуальных рашэнняў і сэрвісаў для масавага і карпаратыўнага сегмента, навуковыя і адукацыйныя ўстановы. На пляцоўцы «Мінск-Арэны» пройдуць ІІІ Форум «Лічбавая эканоміка», V Еўразійскі лічбавы форум і VI Беларускі ІКТ-саміт. Адбудуцца і спадарожныя мерапрыемствы — Інтэрнэт-прэмія ТІБО, рэспубліканскі конкурс стартап-праектаў Belarus ICT Startup Award, нацыянальны адборачны этап VI Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні сярод школьнікаў, Мінскі адкрыты турнір па адукацыйнай робататэхніцы і рэспубліканскі чэмпіянат па кіберспорце.