Галоўчанка: судовая сістэма з гонарам вытрымала праверку часам
14 красавіка, Мінск . Судовая сістэма з гонарам вытрымала праверку часам, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на ўрачыстым сходзе з нагоды 100-годдзя з дня ўтварэння Вярхоўнага Суда Беларусі,
«У гісторыю Вярхоўнага Суда ўпісана шмат знамянальных і слаўных старонак. За мінулае стагоддзе судовая ўлада набыла статус незалежнай і ўплывовай сілы беларускай дзяржаўнасці, якая цвёрда стаіць на абароне законных інтарэсаў грамадзян, удзельнічае ў фарміраванні прававой і палітычнай сістэмы краіны, — сказаў Раман Галоўчанка. — Вядома, можна з упэўненасцю сказаць, што судовая сістэма з гонарам вытрымала праверку часам. Але судовая сістэма не спыняецца на дасягнутым».
Апошняе дзесяцігоддзе азнаменавана правядзеннем судова-прававой рэформы, адзначыў прэм’ер-міністр. Па сутнасці, з дзвюх самастойных судовых сістэм — агульных і гаспадарчых судоў — сфарміравана адзіная збалансаваная сістэма, якая ўзначальваецца Вярхоўным Судом.
Пры гэтым Вярхоўны Суд прадаўжае выступаць лакаматывам нарматворчых ініцыятыў, заўважыў Раман Галоўчанка. «З улікам вашага бясцэннага вопыту абноўлена Канстытуцыя Беларусі, эфектыўна праводзіцца работа па змяненні асноўных працэсуальных рэгламентаў. У парламенце рыхтуецца да прыняцця Кодэкс грамадзянскага судаводства», — дадаў ён.
Штогод у рэспубліцы выносяцца дзясяткі тысяч судовых пастаноў па розных відах спраў.
Прадстаўнікі судзейскай супольнасці дэманструюць адданасць духу і літары закону, з гонарам выконваюць грамадзянскі і судовы абавязак, падкрэсліў Раман Галоўчанка. «Ваша работа — гэта вялікая эмацыянальная і псіхалагічная нагрузка, якая патрабуе вытрыманасці, багатага жыццёвага вопыту і высокіх прафесійных і маральных якасцей. Ад вашай аб’ектыўнасці, узважанасці залежыць вера людзей у роўнасць усіх перад законам, павага да дзяржавы ў цэлым», — упэўнены ён.
Раман Галоўчанка выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву Вярхоўнага Суда, суддзям, работнікам апарату за штодзённую напружаную працу, дзелавое ўзаемадзеянне і асабісты ўклад у развіццё судова-прававой сістэмы.