Батальныя сцэны, камп’ютарная графіка і багатая архітэктура. Якім будзе новы блокбастар «Беларусьфільма»
Фота з архіва
28 красавіка, Мінск . Фільм пад рабочай назвай «Чорны замак» будзе напоўнены батальнымі сцэнамі, камп’ютарнай графікай і багаццем архітэктуры, расказаў журналістам рэжысёр-пастаноўшчык Кірыл Кузін,
«Гэта вялікае займальнае кіно. У нас будзе шмат батальных сцэн з каскадзёрамі і камп’ютарнай графікай. Тое багацце архітэктуры, якую мы вам пакажам, можа, нават не ўсім жыхарам Беларусі вядома. Гэта будуць замкі вядомыя і малавядомыя, і зусім не вядомыя», — расказаў рэжысёр-пастаноўшчык фільма Кірыл Кузін.
Ён адзначыў, што падрыхтоўка да фільма пачалася ў жніўні 2022 года. Праходзіў падбор акцёраў, выбар месцаў для здымак. Загадзя пачалі выраб касцюмаў і рэквізіту для новай карціны.
Доўга вялася работа над сцэнарыем, адзначыў Кірыл Кузін. «Сцэнарый пісаўся паводле кнігі (рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». — Заўвага БЕЛТА), значыць, ад кнігі адыходзіць нельга. Але вялікі цудоўны раман укласці ў паўтары — дзве гадзіны кіно вельмі складана. Таму біліся над тым, каб не адмовіцца ад галоўнага, каб была раскрыта тэма і самае галоўнае — каб фільм яшчэ быў і займальным», — дадаў ён.
«Галоўная ідэя нашага фільма ў тым, што мы не бязродныя. У нас вельмі багатая гісторыя, у якой ёсць свае злачынцы, свае героі, прыгожыя пачуцці, якія ўсім нам надаюць высакароднасці», — прадоўжыў сцэнарыст праекта Глеб Шпрыгаў.
Ён заўважыў, што фільм не з’яўляецца гістарычна дакладным, а належыць да жанру гістарычнага фэнтэзі.
Здымкі фільма будуць праходзіць больш як на 50 розных лакацыях па ўсёй тэрыторыі Беларусі. «У нас ёсць сцэна, якая здымаецца ў чатырох розных лакацыях па ўсёй Беларусі, але гэта адна сцэна. Нашы героі заходзяць у Глыбокім, а выходзяць у Нясвіжы», — расказаў Глеб Шпрыгаў.
У сюжэце фільма дзве часавыя лініі: наш час і Сярэдневякоўе. Рэжысёр фільма Кірыл Кузін расказаў, што менавіта гістарычныя сцэны будуць самымі складанымі ў вытворчасці.
Галоўныя ролі ў фільме выканаюць расійскія акцёры Яўген Шварц і Вераніка Усцімава.
«На жаль, у нас у Расіі маладое пакаленне мала ведае Уладзіміра Караткевіча, і я спадзяюся, што з выхадам фільма маладыя людзі зацікавяцца гэтым пісьменнікам і абавязкова прачытаюць яго раманы», — адзначыў Яўген Шварц.
«Фільм разлічаны на масавага гледача, не толькі беларускага, але і замежнага. Гэта будзе вялікае кіно, таму для нас гэты фільм вельмі важны», — выказаў сваё меркаванне генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі.
Здымкі фільма «Чорны замак» будуць праходзіць да канца чэрвеня. Потым каманда пачне работу над постпрадакшнам. А сам фільм будзе прадстаўлены ўжо вясной 2024 года.