Эканоміка

Арганізацыі НАН Беларусі прыцягнулі за мінулы год амаль $70 млн


Уладзімір Гусакоў

28 красавіка, Мінск . Арганізацыі НАН Беларусі прыцягнулі за мінулы год амаль $70 млн. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў,

Уладзімір Гусакоў адзначыў, што НАН Беларусі не залежыць ад бюджэтных сродкаў. «Мы зарабляем самі. Самі вырабляем і прадаём нашу прадукцыю. Акрамя таго, у нас ёсць гранты з замежнымі калегамі. Нашы інстытуты прыцягваюць немалыя сродкі. Так, за мінулы год ва ўмовах санкцый мы прыцягнулі амаль $70 млн у арганізацыі НАН Беларусі. У гэтым годзе ставім задачу прыцягнуць не менш», — сказаў ён.

Паводле слоў старшыні Прэзідыума НАН, адна з асноўных задач беларускай навукі — гэта імпартазамяшчэнне. «Мы павінны ствараць навінкі, інавацыі, новыя рашэнні, падыходы і матэрыялы. У цяперашніх умовах гэта становіцца асабліва важным. За 2022 год мы распрацавалі дзясяткі імпартазамяшчальных прадуктаў. Мы выпускаем цэлыя альбомы нашых імпартазамяшчальных распрацовак, рассылаем іх у міністэрствы, ведамствы і на прадпрыемствы, дзе непасрэдна вызначаецца, што трэба вырабляць. Пасля гэтага мы забяспечваем навуковае суправаджэнне», — растлумачыў Уладзімір Гусакоў.

Акрамя таго, паводле яго слоў, перад навуковай супольнасцю Беларусі стаіць задача развіваць імпартаэфектыўнасць. «Не заўсёды ёсць сэнс вырабляць нешта, што мы не зможам зрабіць лепш альбо на ўзроўні. Таму імпартаэфектыўнасць у некаторых выпадках больш карысная для эканомікі нашай краіны», — сказаў Уладзімір Гусакоў.

Сёння праходзіць сесія Агульнага сходу НАН Беларусі. У яе рабоце прымаюць удзел амаль 400 прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя вучоныя краіны. На сесіі будуць разгледжаны вынікі дзейнасці ў 2022 годзе, задачы развіцця НАН Беларусі і навуковай сферы Беларусі на 2023 год. Акрамя таго, на выстаўцы «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці» можна азнаёміцца з апошнімі распрацоўкамі арганізацый НАН Беларусі па прыярытэтных навуковых напрамках.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»