Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўных танцах на калясках адбудзецца ў час II Гульняў краін СНД
Фота з архіва
17 красавіка, Мінск /Валерыя Гаўруковіч — БЕЛТА/. XXVI Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўных танцах на калясках і VI Міжнародны танцавальна-парашутны фестываль інвалідаў-калясачнікаў адбудуцца ў час правядзення II Гульняў краін СНД, паведамілі ў Беларускім фондзе дапамогі спартсменам-інвалідам.
«Мы прапанавалі правесці XXVI Адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па спартыўных танцах на калясках і VI Міжнародны танцавальна-парашутны фестываль інвалідаў-калясачнікаў у час II Гульняў краін СНД. Нашы спартсмены таксама будуць удзельнічаць у цырымоніі закрыцця гульняў», — расказаў старшыня Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам Валерый Каламіец.
Паводле яго слоў, у бягучым годзе прадстаўнікі беларускага інваспорту адзначаюць некалькі юбілеяў. Так, 35 гадоў таму Савецкі Саюз упершыню прыняў удзел у восьмых Паралімпійскіх гульнях у Сеуле (Рэспубліка Карэя) і вучань Валерыя Каламійца Алег Шэпель стаў першым у гісторыі СССР трохразовым чэмпіёнам Паралімпійскіх гульняў. 25 гадоў таму на першым чэмпіянаце свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках у Японіі чэмпіёнскі тытул заваявала беларуская танцавальная пара, у якую ўваходзілі Барыс Бачкоўскі і Вольга Цяцёркіна. У бягучым годзе таксама спаўняецца 20 гадоў, як Міжнародны паралімпійскі камітэт даверыў Беларусі правесці чэмпіянат Еўропы, і 15 гадоў — чэмпіянат свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках.
Больш таго, сем гадоў таму беларусы першыя ў свеце прапанавалі арганізаваць танцавальна-парашутны фестываль, аб’яднаўшы самы прыгожы і самы мужны віды інваспорту, нагадаў Валерый Каламіец.
Ён дадаў, што распрацаваная ў Беларусі ўнікальная праграма рэабілітацыі маладых інвалідаў-калясачнікаў была адобрана на пяці пасяджэннях савета СНД і зацверджана пастановай Савета Міністраў Беларусі. «За 20 гадоў нашы курсы і вучэбна-трэніровачныя зборы прайшлі амаль 2,6 тыс. маладых інвалідаў і іх суправаджаючых з Азербайджана, Малдовы, Расіі і Казахстана і прыкладна столькі ж з Беларусі», — сказаў старшыня Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам.
«Трэба браць прыклад з нашых спартсменаў, натхняцца іх мужнасцю і настойлівасцю», — рэзюмаваў Валерый Каламіец.